ПАРАГРЫПО́ЗНАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ,
вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое характарызуецца запаленнем дыхальных шляхоў, пераважна гартані. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Прыкметы: катаральныя з’явы (кашаль, асіпласць голасу, слізістыя выдзяленні з носа), павышэнне т-ры цела; ларынгіт з магчымым развіццём несапраўднага крупу ці ларынгатрахеіту; гаўклівы кашаль, задышка. Ускладненні: пнеўманія, запаленне сярэдняга вуха і прыдаткавых пазух носа. Лячэнне тэрапеўтычнае.
А.А.Астапаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)